«Свабодны тэатар» паставіў спэктакль пасярод ракі. ВІДЭА

Беларускі «Свабодны тэатар» апублікаваў відэа стварэньня спэктаклю «Цар, цар і яго падданыя». Як сьцьвярджаюць аўтары, гэта першы ў Беларусі спэктакль, пастаўлены на плыце.

Цягам тыдня акторы жылі ў намётах, будавалі плыт, які замяніў тэатральную сцэну і героі якога ў канцы адплываюць ад берагу. Першы спэктакль адбыўся каля вёскі Вуглы на Бабруйшчыне. Акторы кажуць, што мясцовасьць, дзе разьмясьціўся рачны тэатар, мясцовыя жыхары называюць «Лука».​

Фільм выйшаў на YouTube-канале «Дэпартамэнт Контркультуры» — гэта новы сайд-праект Беларускага Свабоднага тэатра. Акторы ў фармаце відэаблогу распавядаюць пра падарожжы, жыцьцё на хутары, вядуць аўтаблог і здымаюць апытаньні.