Францыя ня будзе настойваць на адстаўцы прэзыдэнта Башара Асада для ўрэгуляваньня сытуацыі ў Сырыі. Пра гэта расказала ў інтэрвію расейскаму выданьню «Коммерсант» амбасадарка Францыі ў Расеі Сыльві Бэрман.
«Мы ня будзем вырашаць за сырыйскі народ, але аб патрабаваньні безумоўнай адстаўкі Башара Асада больш размовы не ідзе», — заявіла французская дыпляматка.
Паводле Сыльві Бэрман, ключавымі прыярытэтамі Парыжа зьяўляецца забесьпячэньне гуманітарнай дапамогі і пошук палітычнага рашэньня, якое б уключала ўсе бакі сырыйскага канфлікту, а таксама невыкарыстаньне хімічнай зброі і барацьба з тэрарызмам.
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон у інтэрвію французскаму выданьню Journal du Dimanche, апублікаваным 6 траўня, заявіў, што лічыць неабходным падтрымліваць дыялёг з Расеяй. Гэта дазволіла б, на яго думку, пераадольваць пэрыяд крызісаў у дачыненьнях паміж дзяржавамі. Макрон заявіў, што ён супраць інтэрвэнцыянізму і не імкнецца ваяваць супраць сырыйскага рэжыму.
Ён паўтарыў ранейшае сьцьвярджэньне, што прычынай удзелу Францыі ў сумесных з ЗША і Вялікай Брытаніяй ударах па сырыйскіх хімічных аб’ектах стала хімічная атака ў горадзе Дума 7 красавіка. Тады ахвярамі прымяненьня атрутных рэчываў сталі дзясяткі цывільных.