ЗША адновяць Другі флёт, каб супрацьстаяць Кітаю і Расеі

Авіяносец «Джордж Буш» на вучэньнях у 2010 годзе

Злучаныя Штаты заявілі пра пляны аднавіць Другі флёт Вайскова-марскіх сілаў у сувязі з ростам вайсковых амбіцыяў Расеі.

Начальнік ВМС ЗША адмірал Джон Рычардсан заявіў, што зонай адказнасьці Другога флёту стане Усходняе ўзьбярэжжа і Паўночная Атлянтыка. Паводле словаў адмірала, нацыянальная абаронная стратэгія ЗША, апублікаваная летась, ясна сьведчыць пра вяртаньне вайсковага спаборніцтва вялікіх дзяржаваў. Прыярытэтным кірункам гэтай стратэгіі становіцца супрацьдзеяньне Расеі і Кітаю.

Другі флёт, расфармаваны зь фінансавых меркаваньняў, будзе базавацца там жа, дзе і раней, у Норфалку, штат Вірджынія. Начальнік вайскова-марскіх апэрацыяў выступіў на борце амэрыканскага авіяносца «Джордж Буш» на базе ў Норфалку.