Чаго чакаць ад візыту дэлегацыі Эўразьвязу ў Менск

Дэлегацыя Эўрапейскага зьвязу наведае Менск 25-27 красавіка для ўдзелу ў пятым пасяджэньні каардынацыйнай групы «Эўразьвяз — Беларусь». Пра гэта Свабодзе паведамілі ў прадстаўніцтве Эўрапейскага зьвязу ў Беларусі.

Дэлегацыю ачольвае Томас Майр Хартынг, кіроўны дырэктар па пытаньнях Эўропы і Цэнтральнай Азіі ў Эўрапейскай службе зьнешніх дзеяньняў.

У яе складзе прадстаўнікі Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў і генэральных дырэктаратаў Эўракамісіі, адказных за пытаньні палітыкі суседзтва, энэргетыкі, фінансаў і мытні.

Беларуская дэлегацыя будзе працаваць пад кіраўніцтвам намесьніка міністра замежных спраў Алега Краўчанкі. У яе ўваходзяць прадстаўнікі МЗС і іншых галіновых міністэрстваў і ведамстваў. У сустрэчах таксама возьмуць удзел прадстаўнікі беларускіх няўрадавых арганізацый і экспэртнай супольнасьці.

У цэнтры ўвагі перамоўшчыкаў будуць двухбаковыя прыярытэты партнэрства, правы чалавека і дэмакратыя, супрацоўніцтва ў рамках «Усходняга партнэрства», галіновыя пытаньні, у тым ліку ў эканоміцы і фінансах, гандлі, транспарту, мытні, мабільнасьці і тэхнічнай дапамогі.

Экспэрт: Не адчуваю аптымізму

У камэнтары Свабодзе менскі палітоляг Андрэй Фёдараў адзначыў, што не адчувае аптымізму ад новага раўнду перамоваў.

Андрэй Фёдараў

«Эўразьвяз зьнізіў плянку патрабаваньняў да ўладаў Беларусі. Пытаньні дэмакратыі і свабоды адышлі на другі плян. Акцэнт перанесены на іншыя праблемы: энэргетыка, навакольнае асяродзьдзе і г.д. Там невялічкія працэсы ідуць, хоць яны не надта і афішуюцца. Прасоўваньне надалей, калі і будзе, то вельмі невялічкімі крокамі», — сказаў Фёдараў.

З гісторыі працэсу

Першае пасяджэньне каардынацыйнай групы адбылося ў Бруселі 6-7 красавіка 2016 году. Група зьбіраецца два разы на год для таго, каб разгледзець увесь спэктар адносін ЭЗ—Беларусь і ўзгадніць далейшыя крокі.