Расейскія праваабаронцы зрабілі гульню «Гэбня»

Скрыншот з гульні «Гэбня»

Расейскае праваабарончае аб’яднаньне юрыстаў і журналістаў «Каманда 29» выпусьціла бясплатны тэкставы квэст пра ўзаемадзеяньні з супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Гульня атрымала назву «Гэбня». Яна даступная ў крамах прыкладаньняў Google Play і App Store.

У гульні герой сутыкаецца з такімі сытуацыямі, як ператрус, допыт, позва, дача паказаньняў, выклік дзяржаўнага адваката. У працэсе гулец чытае памяткі аб тым, як паводзіць сябе з праваахоўнікамі і абараняць свае правы. Гэтыя памяткі, як сьцьвярджае адвакат Іван Паўлаў, кіраўнік «Каманды 29», дапамогуць пазьбегнуць відавочных памылак у зносінах з супрацоўнікамі праваахоўных органаў і пратрымацца да сустрэчы з адвакатам.

У квэсце пакуль што даступныя два пэрсанажы: студэнт і бізнэсовец. У далейшым стваральнікі прыкладаньня плянуюць дадаваць новых пэрсанажаў і сюжэтныя лініі.