Хімічная лябараторыя ў швайцарскім горадзе Шпіц не пацьвердзіла словаў міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова. Паводле Лаўрова, экспэрты лябараторыі выявілі, што Сяргей і Юлія Скрыпалі былі атручаныя ў брытанскім горадзе Солсбэры рэчывам BZ з арсэналу заходніх краін.
У твітэр-акаўнце швайцарскай лябараторыі апублікавана некалькі запісаў у якасьці рэакцыі на словы Лаўрова. У прыватнасьці, гаворыцца, што лябараторыя ня мае права даваць камэнтары, бо гэта прэрагатыва Арганізацыя па забароне хімічнай зброі. Брытанская лябараторыя ў Партан-даўн выявіла, што атрутнае рэчыва належала да клясы «Новичок», і неабходна давяраць гэтым высновам, — пішуць швайцарскія экспэрты, падкрэсьліваючы, што ў іх саміх няма сумневаў адносна высноваў брытанскай лябараторыі.
Лаўроў раней выказаў зьдзіўленьне ў сувязі з тым, што Арганізацыя па забароне хімічнай зброі ў сваёй апублікаванай нядаўна справаздачы аб атручваньні Скрыпалёў не прывяла дадзеныя швайцарскай лябараторыі. Пры гэтым незразумела, на якую інфармацыю абапіраўся Лаўроў, кажучы пра нібыта адрознае меркаваньне лябараторыі ў Шпіцы.
У дакладзе АЗХЗ гаворыцца, што экспэрты пацьвердзілі высновы брытанскага боку аб хімічным складзе рэчыва, якім былі атручаныя Скрыпалі. Месца паходжаньня яду экспэрты ня вызначылі, аднак Брытанія сьцьвярджае: экспэрымэнты па вытворчасьці рэчыва «Новичок» ладзілі ў СССР і яны аднавіліся ў Расеі. Былы афіцэр ГРУ і яго дачка выжылі пасьля замаху.