Саакашвілі будзе зарабляць лекцыямі ў Нідэрляндах

Экс-прэзыдэнт Грузіі, былы губэрнатар Адэскай вобласьці Міхэіл Саакашвілі заявіў, што будзе працаваць лектарам у Акадэміі сьпікераў Нідэрляндаў.

«Дамовіўся з Акадэміяй сьпікераў Нідэрляндаў аб супрацоўніцтве. Пакуль я ў Эўропе, буду зарабляць на жыцьцё лекцыямі. У Акадэміі вельмі клясны калектыў, мяне яны ўразілі добрым веданьнем спэцыфікі нашага рэгіёну і правільнымі каштоўнасьцямі. Спадзяюся, доўга чытаць лекцыі мне не давядзецца, а досьвед буду выкарыстоўваць не для лекцыяў, а для адхіленьня алігархаў ад улады і рэальнай рэфармацыі», – напісаў Саакашвілі на сваёй старонцы ў Facebook.


Улады Ўкраіны ў лютым выслалі пазбаўленага ўкраінскага грамадзянства Саакашвілі ў Польшчу, з тэрыторыі якой ён восеньню трапіў ва Ўкраіну, прарваўшы кардоны памежнікаў і праваахоўнікаў. Пазьней Міхэіл Саакашвілі прыехаў у Нідэрлянды, дзе атрымаў пасьведчаньне асобы, якое дае яму права на пражываньне і працу ў Эўразьвязе. Памежныя служба Ўкраіны забараніла яму ўезд у краіну да 2021 году. Абарона Саакашвілі падала ў паліцыю заяву аб выкраданьні і незаконным выдварэньні палітыка.