На 5 гадоў калёніі асуджаны кіроўца, які наехаў на пешаходаў каля менскага цэнтру «Замак»

Надзвычайнае здарэньне, якое прывяло да гібелі 11-гадовай дзяўчынкі

Кіроўца аўтамабіля «​ЗІЛ», які зьбіў дзяўчынку на пешаходным пераходзе каля гандлёвага цэнтру «Замак» у Менску, асуджаны на 5 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Пра гэта паведамляе партал TUT.by.

5 красавіка суд Цэнтральнага раёну Менскe прызнаў 56-гадовага мужчыну вінаватым паводле ч. 2 арт. 317 КК Беларусі (парушэньне ПДР, якое пацягнула па неасьцярожнасьці сьмерць чалавека або нанясеньне цяжкага цялеснага пашкоджаньня) і прыгаварыў да 5 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму з пазбаўленьнем права займацца дзейнасьцю, зьвязанай з кіраваньнем транспартнымі сродкамі, тэрмінам на 5 гадоў.

З сына абвінавачанага (ён уладальнік грузавіка) суд спагнаў матэрыяльную кампэнсацыю ў памеры 20 тысяч рублёў на карысьць бабулі загінулай.


Летась 2 сьнежня ўвечары кіроўца ЗІЛ-5301, рухаючыся па праспэкце Пераможцаў, наехаў на групу пешаходаў, якія пераходзілі праезную частку на дазвольны сыгнал сьвятлафору. 11-гадовая дзяўчынка ад атрыманых траўмаў памерла на месцы. Яе 56-гадовая бабуля, 7-гадовы брат і яшчэ два чалавекі атрымалі траўмы.

Падчас сьледзтва высьветлілася, што тэхагляд грузавіка не праводзіўся ад 2015 году, а ў жніўні 2017-га абвінавачаны прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці за аналягічнае парушэньне. Экспэртыза паказала, што тармазная сыстэма, рулявое кіраваньне і хадавая частка грузавіка былі няспраўныя. Транспартны сродак ня мог удзельнічаць у дарожным руху.

Абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну. Пры гэтым сказаў, што не праходзіў тэхагляд таму, што ня меў сродкаў на аплату дарожнага падатку і самога тэхагляду.