Ад кнігарні да карчмы. Віктар Жыбуль пра «Цмачанку» Антона Брыля

Антон Францішак Брыль

Антон Францішак Брыль, «Цмачанка»; Выдавецтва «А. М. Янушкевіч», Менск 2017.

Што мы звычайна ўяўляем сабе, калі кажам ці чуем пра беларускую паэтычную традыцыю? Каго лічым яе заснавальнікамі? «Купалу, Коласа і Багдановіча», — скажуць многія і ў чымсьці будуць мець рацыю. Нехта, магчыма, успомніць яшчэ ХІХ стагодзьдзе — Чачота, Багушэвіча. Праўда, памятаю, як адна паэтка, прычым нашмат старэйшая за мяне, упэўнена сьцьвярджала, што ў наш час так ужо больш ніхто ня піша.

Ну што ж, маем гонар пазнаёміць вас з аўтарам, які выводзіць сваю паэтычную традыцыю з часоў яшчэ больш раньніх. Зрэшты, вы і так, напэўна, яго ведаеце: гэта — Антон Францішак Брыль.

Спачатку я вырашыў, што цмачанка – гэта, мабыць, дачка цмока

Увогуле, мне і раней здавалася, што Антон Францішак жыве ў нейкай іншай прасторы (маю на ўвазе ня Дублін, Цюрых ці Лёндан, а казачную фэнтэзі-прастору). А калі не ў прасторы — дык у іншым часе. Раней ён, мітатворац-экспэрымэнтатар, стваральнік «самаствораных паданьняў» і «самаадчутых повязяў», выдаў неардынарны паэтычны зборнік «Ня ўпаў жолуд», казачную аповесьць «Ян Ялмужна», уласны пераклад знакамітага стараангельскага «Бэўвульфа», а нядаўна ў яго выйшла маленькая кніжачка пад назваю «Цмачанка». Спачатку я вырашыў, што цмачанка — гэта, мабыць, дачка цмока, але аказалася, што ўсё нашмат дасьціпней.

У сылябіцы галоўнае – аднолькавая колькасьць складоў у радках

…Калісьці адзін замежны прафэсар, на просьбу якога я набываў у букіністычнай краме творы Сімяона Полацкага, запытаўся ў мяне, ці ня піша хто-небудзь з сучасных беларускіх паэтаў сылябічныя вершы. (Нагадаю: у адрозьненьне ад паноўнай цяпер сыляба-тонікі, заснаванай на раўнамерным чаргаваньні націскных і ненаціскных складоў, у сылябіцы галоўнае — аднолькавая колькасьць складоў у радках, прычым раўнамернасьць націскаў не зьяўляецца абавязковай.) Я толькі паціснуў плячыма: хоць і сам люблю розныя паэтычныя цікавінкі, але такое мне нешта не траплялася.

А тут Антон Францішак Брыль ва «Ўступным слове да ўсёй кнігі» наўпроставым тэкстам піша:

«Перабываючы ў вольным месьце Турыкуме і бавячы некаторыя з маіх дзён у таварыстве старых кніг, я зьвярнуўся думкамі да сылябічных вершаў. Аддаўна звыклыя беларускім землям, у апошняе стагодзьдзе яны аказаліся ледзьве ня цалкам закінутыя. Між тым гэты лад вершаваньня мае сваю прыемнасьць — не закуты ў нязьменны рытм, але і ня выпушчаны цалкам на волю, ён кіруецца законамі нешматлікімі, але цьвёрдымі, ідзе ўперавалку, але не спатыкаецца. Разважаючы так, захацеў я, вядома, і сам пракрочыць у гэты спосаб хаця б ад кнігарні да карчмы».

Як ні дзіўна, «Уступнае слова…» — хоць і ўступнае, але ня самы першы тэкст у кнізе. Ёй папярэднічаюць «Вершы на слаўны ды старадаўні герб, тут вышэй на шчыт умаляваны»:

Чытач у гэтай кнізе — пабожны, ласкавы,
Навукі ў ёй шукае, не пустой забавы,
І гэтак пазьбягае нягоднай ляноты,
Што сам намаляваў тут на шчыце кляйноты.

Неяк так пісалі Андрэй Рымша, Лявон Мамоніч, Сімяон Полацкі

Філялягічна падкаваныя чытачы адразу пазналі б у гэтым вершы стылізацыю пад старажытную эпі(к)граму. Неяк так пісалі вядомыя нам з хрэстаматый па старажытнай літаратуры Андрэй Рымша, Лявон Мамоніч, урэшце згаданы ўжо Сімяон Полацкі. Традыцыя? Традыцыя! Ды толькі не купалаўска-коласаўская, а хутчэй скарынаўская, стагодзьдзя гэтак XVI–XVII. Яна ў нас ледзьве датрывала да канца ХІХ ст. дзякуючы Вінцэнту Дуніну Марцінкевічу зь яго «Халімонам на каранацыі» ды Францішку Багушэвічу з «Хціўцам і скарбам на сьвятога Яна». І — здавалася б, безнадзейна згасла.

Мне зноў узгадаўся той замежны прафэсар, які неяк казаў, што ягоныя продкі паходзілі зь беларускай шляхты. Хто-хто, а ён, які «навукі шукае, не пустой забавы», умаляваў бы сюды і свой родавы герб. А аўтару — плюс. За тое, што не баіцца ўступаць у камунікацыю з зусім незнаёмымі людзьмі, а будуе свае кнігі на дыялягічнасьці, камунікатыўнасьці і нават інтэрактыўнасьці, ведучы гутарку адначасова і з сучасьнікамі, і з продкамі, і — паколькі напісанае застаецца, — то і з нашчадкамі.

Уласна «Цмачанка, або Песьня пра страшлівы бой сьветлага Апалёна зь лютаю каўбасою» сваёй парадызацыяй гераічнага эпасу і заніжанай стылістыкай здольная давесьці да гамэрычнага рогату:

Ня ўправіцца б Юноне адной без падмогі:
Сьвіней сатыры білі, навастрыўшы рогі,
Смаліў Вулькан у кузьні ад ночы да ночы,
Хірон даваў парады, меў бо дар прарочы,
А кішку мылі німфы, узяўшы карыты,
А пхалі ў кішку мяса
красуні-харыты,
А Геката страшная бурчала заклёны,
Каб вытрымала кішка той цяжар шалёны.
То выйшла каўбаса ў іх як дуб у абхваце,
А злая — бы сабака пры паганай хаце,
Ды важная празь меру, бы п’яны аконам;
А назвала Юнона каўбасу Пітонам.

Апалён гераічна і самааддана ўступае ў бой з каўбасным монстрам

Раўнівая Юнона адмыслова згатавала і ажывіла гэтую пачварыну, каб адпомсьціць свайму мужу за «байструкоў бясконцых». І вось, каб абараніць гаротны люд, а заадно і сябе, адзін з гэтых байструкоў, Апалён, гераічна і самааддана ўступае ў бой з каўбасным монстрам і, вядома ж, перамагае.

Пакуль чытач адолее гэты ня надта вялікі твор да канца, у памяці адразу паўсплываюць і «Іліяда» з «Адысеяй», і «Энэіда» (асабліва тая, што «навыварат»), і Лукулаў банкет, і гратэскавыя раблезіянскія пражэры Гарганцюа і Пантагруэль, і, вядома ж, «Бэўвульф». Бо ўсё ж адчуваецца нейкае далёкае сваяцтва каўбаснага Пітона з пачварай Грэндэлем.

І вось тут разумееш, што меў на ўвазе Антон Францішак Брыль, калі казаў у адным з інтэрвію: «Я пішу паэзію і прозу перакладчыка». А цмачанка — гэта такая ежа. Кшталту мачанкі, толькі з цмока. Вельмі галодным чытаць ня раю. Вэгетарыянцам — таксама.

У астатніх творах кнігі дзейнічае іншы антычны бог — Бахус (або Дыяніс). Яго імя, праўда, ні разу не згадваецца, але закадравая прысутнасьць вельмі нават адчуваецца. Верш «Бабілёнская вежа», хоць кантэкстуальна і зьвязаны зь вядомым біблійным сюжэтам, аўтар абгульвае яго ў дыянісійскім рэчышчы: толькі «ў карчме на сьвята» абраньнікі змогуць знайсьці вызваленьне ад боскага пакараньня і разумець мовы адно аднаго, якога роду-племені яны не былі б. А ў «Дванаццаці надпісах на сьценах корчмаў» свае жартоўна-афарыстычныя панэгірыкі аўтар адрасуе піву, каўбасам і блінам:

Людзям водлуг развагі неба шле прыкрасы:
Дурню — срэбра ды шаты, мудрацу — каўбасы.

Або:

Па першым куфлі злая хаваецца смага,
Па другім — вучоная прыходзіць развага.

Вось у А. Ф. Брыля – пародыя на творы часоў антычнасьці і сярэднявечча

У сучасным сьвеце па-рознаму абыходзяцца са спадчынай мінулага, пераасэнсоўваючы яе наноў і наноў. Напрыклад, кірунак сац-арт узьнік як пародыя на афіцыйнае савецкае мастацтва і вобразы масавай культуры другой паловы ХХ стагодзьдзя. А калі аб’ектам робіцца спадчына не савецкіх часоў, а даўнейшых, і прычым даўнейшых вельмі нашмат?

Вось у А. Ф. Брыля — пародыя на творы часоў антычнасьці і сярэднявечча, застольную паэзію вагантаў і мінізінгераў. Прычым добрая такая пародыя (часам нават — пародыя на пародыю), не зласьлівая, а напісаная зь любоўю. Дый зласьлівай тут, пэўна, і не атрымалася б: парадыруецца ж мастацтва тых часоў, калі ні нас, ні нават нашых дзядоў і прадзедаў яшчэ не было. Наадварот — ад гэтых твораў зыходзіць нейкая прыемная цеплыня для тых, хто настальгуе не па СССР, а па ВКЛ.

Ня ведаю, як найбольш дакладна назваць такі кірунак, але няма сумневу, што Антон Францішак Брыль — таленавіты стылізатар. Тое самае можна сказаць і пра мастака Андрэя Строцава, графікай якога праілюстраваная кніга. І папера для друку абраная ня белая, а нібы «з адзнакай даўніны». А вось фармат у «Цмачанкі» зусім не «старадрукаўскі»: яна надта ж кампактная, яе зручна ўкласьці ў самую звычайную паштовую капэрту і паслаць каму-небудзь замест паштоўкі. Нават таму самаму замежнаму прафэсару. Напэўна, я так і зраблю. А сабе набуду новы асобнічак.

«Варта» – суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.