Ураджэнка Магілёву Настасься Алейнікава, якая больш за 10 гадоў жыве і працуе ў Празе, атрымала перамогу ў прэстыжным нацыянальным конкурсе Czech Grand Design і ўганараваная тытулам гранд-дызайнэркі году.
Як пішуць чэскія мэдыя, у 12-м па ліку конкурсе дамінаваньне ювэлірнай дызайнэркі Настасьсі Алейнікавай было бясспрэчным. Калекцыю акуляраў у яе выкананьні журы прызнала «творам мастацтва».
Настасься скончыла Вышэйшую мастацкую школу ў Празе, працуе зь ювэлірнымі вырабамі, асобнае захапленьне — аправы VIP-акуляраў.
Дагэтуль беларуска неаднаразова намінавалася на найвышэйшую дызайнэрскую ўзнагароду Чэхіі, аднак, нягледзячы на стабільна высокі ўзровень яе калекцый, перамога прыйшла толькі сёлета.