Чатыры чалавекі загінулі ў выніку абвалу пешаходнага моста ў ЗША

Чатыры чалавекі загінулі 15 сакавіка ў выніку абвалу пешаходнага моста на аўтамагістралі ў амэрыканскім штаце Флорыда. Мост, які перасякае восем палос руху транспарту, упаў на тэрыторыі галоўнага студэнцкага гарадка Міжнароднага ўнівэрсытэта Флорыды, на захадзе гарадзкой аглямэрацыі Маямі, найбуйнейшага горада штату.

53-мэтровы мост быў адкрыты 10 сакавіка. Сама меней восем аўтамабіляў апынуліся ў пастцы пад абломкамі моста і ня менш за 10 чалавек былі дастаўлены ў бальніцы, сказалі службовыя асобы і лекары на прэс-канфэрэнцыі, паведамляе Reuters.

Мост за $ 14,2 мільёна быў распрацаваны, каб супрацьстаяць 5-й катэгорыі ўраганаў, самых небясьпечных паводле Нацыянальнага цэнтру ўраганаў, і быў разьлічаны на 100 гадоў, сказаў унівэрсытэт.

Трагедыя адбылася падчас штогадовых вясновых вакацый, таму студэнтаў ва ўнівэрсытэце было менш, чым звычайна. Гэта дазволіла пазьбегнуць большай колькасьці ахвяраў.