Пэнтагон выключыў удзел танкаў у замоўленым Трампам вайсковым парадзе

Амэрыканскія вайскоўцы ў Кіеве на сьвяце з нагоды Дня незалежнасьці

Танкі ня прымуць удзел у вайсковым парадзе, правядзеньне якога даручыў арганізаваць прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Цяжкую гусенічную тэхніку вырашана не задзейнічаць, каб мінімізаваць шкоду інфраструктуры Вашынгтона, у тым ліку дарожнага пакрыцьця, патлумачылі ў абаронным ведамстве.

У лютым Трамп аддаў распараджэньне Міністэрству абароны краіны і Беламу дому разгледзець магчымасьць правядзеньня вайсковага параду па аналёгіі з тым, што ён бачыў у Францыі ў Дзень узяцьця Бастыліі. «Я хачу парад, як у Францыі», — цытавала кіраўніка дзяржавы The Washington Post.

Напярэдадні Пэнтагон пацьвердзіў, што вайсковы парад адбудзецца ў сталіцы Злучаных Штатаў 11 лістапада, у нацыянальнае сьвята краіны — Дзень вэтэранаў. Шэсьце пройдзе ад Белага дома да Капіталійскага ўзгорка, дзе разьмяшчаецца Кангрэс ЗША. У канцы параду над Вашынгтонам павінны праляцець самалёты амэрыканскіх ВПС.

У мінулым месяцы кіраўнік адміністрацыйна-бюджэтнага кіраваньня Белага дома Мік Малвэйні заявіў, што кошт параду можа абысьціся бюджэту краіны ў суму ад 10 мільёнаў да 30 мільёнаў даляраў, у залежнасьці ад колькасьці вайскоўцаў і тэхнікі.

Апошні раз вайсковы парад праводзіўся ў Вашынгтоне ў 1991 годзе ў гонар перамогі ў вайне ў Пэрсыдзкай затоцы. У ім узялі ўдзел каля васьмі тысяч вайскоўцаў. За мерапрыемствам назіралі каля 200 тысяч гледачоў, паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на заяву Пэнтагона.