Затрыманых у Крыме ўдзельнікаў Pussy Riot адвезьлі ў дыспансэр

Марыя Алёхіна

Удзельнікаў Pussy Riot Марыю Алёхіну, Аляксандра Сафеева і Вольгу Барысаву, якія былі раней затрыманыя паліцыяй, павезьлі на мэдычны агляд у дыспансэр у Сімфэропалі. Пра гэта расейскаму выданьню «Медиазона» распавёў адвакат Эміль Курбедзінаў, які прадстаўляе інтарэсы затрыманых.

У цяперашні час Алёхіна і Сафееў застаюцца ў дыспансэры, а Барысаву разам з адвакатам вязуць у аддзел паліцыі. Прычына затрыманьня удзельнікаў Pussy Riot да гэтага часу невядомая.

Раней у панядзелак Барысава паведаміла ў твітэры, што Алёхіна, якая прыляцела ў Сімфэропаль, адправіла паведамленьне «в полиции» і пасьля гэтага перастала выходзіць на сувязь. Неўзабаве Барысаву і Сафеева таксама затрымалі. Напярэдадні зь імі правялі гутарку ў мясцовым упраўленьні ФСБ, пасьля чаго адпусьцілі.

У жніўні мінулага году Марыя Алёхіна і Вольга Барысава правялі ў Якуцку акцыю ў падтрымку асуджанага ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова, якога асудзілі па справе аб тэрарызьме пасьля анэксіі Крыму Расеяй. Актывістак затрымалі. Суд аштрафаваў Барысаву на 20 тысяч рублёў.

Актывісткі Pussy Riot на акцыі ў расейскім Якуцку ў падтрымку ўкраінскага вязьня Крамля, крымчаніна Алега Сянцова

20 сьнежня мінулага году Марыя Алёхіна была затрыманая каля будынка ФСБ у Маскве за плякат «Зь днём нараджэньня, каты». Акцыя была прысьвечана Дню работніка дзяржаўнай бясьпекі. Яе асудзілі на 40 гадзінаў абавязковых работаў.