Станіслаў Гладчанка пайшоў ва-банк і застаўся без мэдаля

Станіслаў Гладчанка быў у кроку ад мэдаля

18 лютага на Алімпіядзе-2018 у Пхёнчхане разыгрываліся мэдалі ў мужчынскім фрыстайле. Беларусь была прадстаўлена толькі адным спартоўцам — Станіславам Гладчанкам.

23-гадовы мянчук упэўнена адпрацаваў у першым фінале і рушыў далей зь пятым вынікам. У другой спробе Станіслаў замацаваўся на трэцяй пазыцыі. У супэрфінале ён рызыкнуў выканаць надзвычай складаны скачок і няўдала прызямліўся. У агульнай табліцы беларус разьмясьціўся на шостай пазыцыі.

Алімпійскім чэмпіёнам стаў украінец Аляксандар Абраменка. Другім быў кітаец Цзя Цзунян, трэцім Ільля Бураў ад каманды Алімпійскіх атлетаў з Расеі.

Фрыстайліст Гладчанка: Міліцыя павінна зразумець, што «Пагоню» прыдумала не апазыцыя

Станіслаў Гладчанка нарадзіўся 14 верасьня 1994 году ў Менску. Займаўся ў сэкцыі фрыстайлу ў вядомага спэцыяліста Ўладзімера Дашчынскага, бацькі алімпійскага прызэра Дзьмітрыя Дашчынскага. Дагэтуль ён ніводнага разу не выйграваў на этапах Кубка сьвету, толькі аднойчы ўзьняўшыся на п'едэстал — другое месца год таму на этапе ў амэрыканскім Дзір Вэлі. Алімпіяда ў Паўднёвай Карэі стала для яго першай.

Падзеньне Станіслава Гладчанкі

Алімпійскі чэмпіён гульняў 2014 году Антон Кушнір напярэдадні ня здолеў пераадолець сіта кваліфікацыі — на меркаваньне некаторых адмыслоўцаў, не без дапамогі арбітраў. Так, галоўны трэнэр беларусаў Мікалай Казека наўпрост назваў судзейства «бязьмежжам». Гэтаксама на этапе адбору спыніўся Максім Гусьцік.

Лукашэнка паскардзіўся прэзыдэнту МАК на судзейства, бо фрыстайліст Кушнір ня трапіў у алімпійскі фінал

16 лютага залатую ўзнагароду ў лыжнай акрабатыцы сярод жанчын заваявала Ганна Гуськова.

Фрыстайлістка Ганна Гуськова прынесла першае золата Беларусі ў Пхёнчхане

Апошнія два дзясяткі гадоў беларускія лыжныя акрабаты пад кіраўніцтвам выбітнага спэцыяліста Мікалая Казекі яшчэ ніводнага разу не вярталіся з зімовых Алімпіядаў без узнагародаў.

Бронзавы і срэбны мэдалі на рахунку Дзьмітрыя Дашчынскага, які адзначыўся ў 1998 годзе ў Нагана і ў 2006-м у Турыне. У Аляксея Грышына было другое месца ў Солт-Лэй Сіці і першая прыступка ў Ванкувэры-2010, чатыры гады таму падвойны посьпех сьвяткавалі Антон Кушнір і Ала Цупер. Ня сталі выключэньнем і сёмыя па ліку гульні, у якіх Беларусь выступала самастойнай камандай. Золата здабыла Ганна Гуськова.