У Ізраілі судзяць 17-гадовую палестынку, якая напала на двух вайскоўцаў

Ахэд Тамімі

У ізраільскім вайсковым судзе ў аўторак пачаўся працэс па справе 17-гадовай палестынскай дзяўчыны. Яе напад на двух ізраільскіх вайскоўцаў прыцягнуў увагу ва ўсім сьвеце, аднак судзьдзя пастанавіў, што пасяджэньні будуць праходзіць у закрытым рэжыме.

Ахэд Тамімі, якой у мінулым месяцы, ужо пасьля арышту, споўнілася 17 гадоў, зьявілася зале суда, дзе прысутнічала шмат дыпляматаў і журналістаў. Пасьля таго, як пракурор зачытаў тэкст абвінавачваньня, які складаецца з 12 пунктаў, паседжаньне скончылася. Наступнае пасяджэньне адбудзецца ў сакавіку.

Тамімі была арыштаваная ў сьнежні, пасьля сутыкненьня з двума ізраільскімі вайскоўцамі непадалёк ад яе дома на Заходнім беразе. Здарэньне было зьнятае на відэа. Тамімі ўдарыла аднаго з салдат у нагу і дала яму аплявуху, пасьля чаго ўдарыла другога па твары.

Вайскоўцы былі накіраваныя ў рэгіён пасьля палестынскіх пратэстаў супраць габрэйскіх паселішчаў.

Тамімі абвінавачваецца ў нанясеньні пабояў і падбухторваньні. У выпадку прызнаньня віны яе могуць асудзіць на некалькі гадоў турэмнага зьняволеньня.