Пацярпелыя ў Галакосьце ўварваліся ў польскую амбасаду ў Тэль-Авіве

Некалькі дзясяткаў чалавек, пацярпелых падчас Галакосту, ​уварваліся ў чацьвер на тэрыторыю польскай амбасады ў Тэль-Авіве, пратэстуючы супраць польскага «закону аб Галакосьце». Многія зь іх абвінавачвалі Польшчу ў перасьледзе.

Як паведамляе партал The Times of Israel, дэманстрацыю арганізаваў фонд Yad Ezer La-Haver, які мае цэнтар апекі для ацалелых у Галакосьце ў Хайфе.

— Мы тут, каб выказаць наш пратэст, і абяцаем, што ціха ня будзе, — сказаў дырэктар фонду Шымон Сабаг.

Дэманстранты спачатку пратэставалі па-за будынкам пасольства, але потым уварваліся на яго тэрыторыю. Ахова ня здолела ім перашкодзіць.


Людзі трымалі транспаранты «Ніякі закон ня можа сьцерці гісторыю», «Польскі закон плюе ў твар народу Ізраілю». Жанчына сталага ўзросту трымала плякат з надпісам «Я ўсё яшчэ маю кашмары праз тое, што зрабілі мне палякі».

Дэманстранты атачылі аўтамабіль аднаго з польскіх дыпляматаў, які спрабаваў выехаць з аб’екту. «Ніхто не забудзе таго, што ты зрабіў», — крычалі ўдзельнікі пратэсту. Яны заявілі, што не зьбіраюцца пакідаць амбасаду і паставяць перад ёю намёт.

Нагодай скандалу ў польска-габрэйскіх стасунках стаў законапраект, прыняты польскім Сэймам. Ён прадугледжвае крымінальны перасьлед тых, хто прыпісвае палякам злачынствы нацыстаў, у прыватнасьці, ужывае словазлучэньне «польскія лягеры сьмерці».

Гэтая частка зьменаў у закон абурыла Ізраіль. Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу назваў закон «неабгрунтаваным», а Сусьветны цэнтар памяці ахвяраў Галакосту заявіў, што польскія заканадаўчыя зьмены могуць «прывесьці да размываньня гістарычнай праўды аб дапамозе, якую немцы атрымалі ад польскага насельніцтва падчас Галакосту».