Прэзыдэнта Малдовы часова адхілілі ад пасады

Канстытуцыйны суд Малдовы ў чарговы раз часова адхіліў ад пасады прэзыдэнта Ігара Дадона. Пра гэта паведамляе агенцтва «Інтэрфакс».

Рашэньне прынята па запыце дэпутата ад празаходняй Дэмакратычнай партыі, які сьцьвярджаў, што прэзыдэнт паўторна адмовіўся апублікаваць прыняты парлямэнтам закон аб барацьбе з расейскай прапагандай. Канстытуцыйны суд прыйшоў да высновы, што «прэзыдэнт сьвядома адмовіўся ад выкананьня сваіх канстытуцыйных абавязкаў».

Суд таксама дазволіў заблякаваць расейскія тэле- і радыёпраграмы ў абыход прэзыдэнта. Часова выконваць абавязкі кіраўніка дзяржавы для зацьвярджэньня гэтага дакумэнта будзе сьпікер парлямэнта ці прэм’ер-міністар.

Раней Канстытуцыйны суд Малдовы прыпыніў паўнамоцтвы Дадона 2 студзеня. Гэта адбылося пасьля таго, як кіраўнік дзяржавы паўторна адхіліў прапанаваныя прэм'ер-міністрам кандыдатуры сямі чальцоў ураду. Па законе ён можа гэта зрабіць толькі адзін раз.

У кастрычніку мінулага года Канстытуцыйны суд Малдовы ўжо пазбаўляў Дадона права прызначыць міністра. Кіраўнік дзяржавы некалькі разоў адмаўляўся зацьвердзіць кандыдатуру Яўгена Стурзы на пасаду кіраўніка Міністэрства абароны. Пасьля рашэньня суду за яго гэта зрабіў Андрыян Канду.