Падзеі 3 студзеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дата дня
3 студзеня 1958 году ў Нью-Ёрку нарадзіўся журналіст і сьпявак Багдан Андрусышын (Данчык). Скончыў Унівэрсытэт Ню-Ёрку са ступеньню бакаляўра журналістыкі. Працуе на Свабодзе з 1992 году. Як музыка, ён выдаў 6 альбомаў беларускіх песень.
Таксама ў гэты дзень
1906 — у Менску пачала выдавацца расейская нацыяналістычная газэта «Минское слово».
1925 — Бэніта Мусаліні распусьціў парлямэнт і прыняў тытул «Дучэ».
1959 — Аляска была прызнаная 49-м штатам ЗША.
У гэты дзень нарадзіліся
1850 — Соф’я Кавалеўская, матэматык і мэханік, пісьменьніца і публіцыстка, першая ў сьвеце жанчына-прафэсар. Яна зьявілася на сьвет у Маскве ў беларускай шляхецкай сям’і Корвін-Крукоўскіх.
1905 — Уладзімер Хадыка, беларускі паэт.
1944 — Міхась Раманюк, беларускі этнограф. Заснаваў часопіс «Мастацтва Беларусі» і стаў ягоным першым галоўным рэдактарам. Стварыў сцэнічныя строі для Дзяржаўнага народнага хору і Дзяржаўнага ансамблю танцу Беларусі. У 1981 годзе выдаў альбом «Беларускае народнае адзеньне», які складаецца з архіўных фатаздымкаў ды фатаздымкаў, зробленых аўтарам падчас экспэдыцыяў 1967-1980 гадоў.
1946 — на Гарадзеншчыне нарадзіўся Тадэвуш Кандрусевіч, каталіцкі арцыбіскуп Мітрапаліт Менска-Магілёўскі.
1947 — Васіль Гігевіч, беларускі пісьменьнік.
1956 — Мэл Гібсан, аўстралійскі актор.
У памяці
1923 — Памёр Яраслаў Гашак, чэскі пісьменьнік.
1951 — Памёр Ёсіф Лангбард, архітэктар, які запраектаваў Опэрны тэатар, Дом ураду, Дом афіцэраў і Акадэмію навук у Менску. Нарадзіўся Лангбард у габрэйскай сям’і ў Бельску на Падляшшы.