Дзярждэпартамэнт ЗША абверг паведамленьні СМІ аб адстаўцы Тылерсана

Дзяржаўны сакратар ЗША Рэкс Тылерсан

Дзярждэпартамэнт ЗША адмаўляе паведамленьні СМІ пра плянаваную адстаўку дзяржаўнага сакратара Рэкса Тылерсана.

У прэс-службе ведамства заявілі, што ў Рэкса Тылерсана былі рознагалосьсі з прэзыдэнтам Дональдам Трампам, але яны тычыліся пытаньняў палітычнага курсу. Раней у адміністрацыі прэзыдэнта ЗША заявілі, што не плянуюць кадравых перастановак у Дзярждэпартамэнце.

У чацьвер, 30 лістапада, газэта The New York Times напісала, што Белы дом плянуе зьняць Тылерсана з пасады, а на ягонае месца прызначыць дырэктара ЦРУ Майка Пампэа. Пазьней падобныя паведамленьні апублікавалі агенцтва Associated Press і Reuters, а таксама шэраг іншых навінавых арганізацыяў.

У пачатку кастрычніка тэлеканал NBC паведаміў пра тое, што Тылерсан плянаваў пайсьці ў адстаўку з прычыны канфлікту з Трампам. Тэлеканал са спасылкай на крыніцы сьцьвярджаў, што кіраўнік Дзярждэпартамэнту нецэнзурна адазваўся аб прэзыдэнце пасьля сустрэчы ў Пэнтагоне ў ліпені. Тылерсан пазьней абверг гэтую інфармацыю і падкрэсьліў, што па-ранейшаму «застаецца адданы прэзыдэнту».