Рада Эўропы заклікала Азэрбайджан вызваліць лідэра апазыцыі

Лідэр руху «Рэспубліканская альтэрнатыва» Ільґар Мамадаў

Рада Эўропы 25 кастрычніка паведаміла Азэрбайджану, што распачне беспрэцэдэнтныя прававыя дзеяньні, калі ўлада ў Баку да 29 лістапада ня вызваліць асуджанага палітычнага лідэра Ільґара Мамадава.

У адваротным выпадку Камітэт міністраў Рады Эўропы абмяркуе новую перадачу справы ў суд для прыняцьця дадатковага рашэньня.

Лідэр руху «Рэспубліканская альтэрнатыва» Ільґар Мамадаў быў арыштаваны ў лютым 2013 году, яго абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Заходнія краіны і праваабарончыя групы бачаць у перасьледзе апазыцыянэра палітычную матывацыю.

У сакавіку 2014-га Мамадаў быў прыгавораны да сямі гадоў зьняволеньня. Эўрапейскі суд у пытаньнях правоў чалавека ў траўні 2014 году пастанавіў, што пазбаўленьне Мамадава волі зьяўляецца парушэньнем яго правоў і мае на мэце пакараць яго за крытыку ўраду.

Рада Эўропы паказала, што Мамадаў зьяўляецца адзіным палітычным зьняволеным, які ня быў вызвалены пасьля выйграваньня справы ў Эўрапейскім судзе ў пытаньнях правоў чалавека.