Польшча адмовілася ад крэдытнай лініі МВФ

Матэвуш Маравецкі

Польшча адмаўляецца ад доступу да элястычнай крэдытнай лініі МВФ, адчыненай для Варшавы пасьля фінансавага крызысу 2008 году. Пра гэта паведаміў віцэ-прэм’ер, міністар разьвіцьця і фінансаў Матэвуш Маравецкі.

Віцэ-прэм’ер патлумачыў, што краіне ўжо не патрэбная надзвычайная фінансавая дапамога з боку МВФ, паведамляе Беларуская служба Польскага радыё.

Польшча атрымала доступ да 29 мільярдаў даляраў крэдытнай лініі МВФ у 2009 годзе. Сёньня яна мае прэтэндаваць на 9,2 мільярда даляраў.

Матэвуш Маравецкі растлумачыў, што на гэтае рашэньне паўплывала эканамічная сытуацыя вакол Польшчы, макраэканамічныя парамэтры, фінансавыя дадзеныя, фінансавая стабільнасьць, валютныя рэзэрвы і спагнаньне падаткаў.

Адмова ад крэдытнай лініі МВФ будзе азначаць ашчаднасьць для Польшчы ў памеры прыкладна 60 мільёнаў даляраў у год.