У Магілёве актывісты апазыцыі пачалі збор подпісаў супраць будаўніцтва кітайскага заводу фаервэркаў

Каля сотні подпісаў жыхароў Магілёва ўжо сабрана пад зваротам да абласных уладаў з патрабаваньнем адмовіцца ад будаўніцтва кітайскага заводу фаервэркаў, паведаміў старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі АГП Уладзімер Шанцаў.

Як піша БелаПАН, 1 ліпеня ў час сьвяткаваньня 750-годзьдзя Магілёва кітайскай кампаніяй з горада Чанша правінцыі Хунань быў зладжаны сьвяточны салют. Як паведамлялі магілёўскія ўлады, гэта быў падарунак жыхарам беларускага гораду ад кітайскіх сяброў.

У сярэдзіне верасьня намесьнік старшыні Магілёўскага райвыканкаму Мікалай Шапялевіч па абласным тэлебачаньні паведаміў пра пляны па будаўніцтве кітайскай кампаніяй з горада Чанша завода фаервэркаў пад Магілёвам, што дасьць магчымасьць стварыць 2.000 новых працоўных месцаў.

У пачатку кастрычніка беларуская дэлегацыя на чале са старшынём Магілёўскага аблвыканкаму Ўладзімерам Даманеўскім наведала правінцыю Хунань, дзе ў прыватнасьці была дасягнутая дамоўленасьць аб стварэньні сумеснага прадпрыемства па вытворчасьці фаервэркаў. Пра гэта паведаміла Міністэрства эканомікі Беларусі. За некалькі дзён да таго, 22 верасьня, на заводзе фаервэркаў у кітайскай правінцыі Цзянсі прагрымеў выбух, у выніку якога загінулі сем чалавек.

«Пра небясьпечнасьць такіх кітайскіх заводаў кажуць выпадкі апошніх гадоў. У студзені 2016 году ў горадзе Шанжаа правінцыі Цзянсі на ўсходзе краіны здарыўся выбух на піратэхнічным заводзе. Некалькі чалавек пацярпелі. Зусім нядаўна, у верасьні сёлета, прагрымеў выбух на заводзе па вытворчасьці фаервэркаў у павеце Шанглі гарадзкой акругі Пінсян (правінцыя Цзянсі). Загінула 7 чалавек. І падобнае адбываецца як мінімум раз на год. І зусім ня з добрых памкненьняў Кітай „падарыў“ бясплатны салют на дзень гораду ў Магілёве 1 ліпеня 2017 году», — гаворыцца ў звароце да Ўладзімера Даманеўскага, пад якім зьбіраюць подпісы магілёўскія апазыцыянэры.

«Самыя прадстаўнікі ўлады заявілі, што такіх заводаў у Эўропе няма. Яны толькі ў Кітаі засталіся, і кітайскім прадпрымальнікам выгадна разьмяшчаць свае вытворчасьці бліжэй да эўрапейскіх спажыўцоў, што ўжо гаворыць само за сябе. Гэта заводы з некваліфікаванай ручной працай. Там заробкі невысокія, натуральна, што тут будуць яшчэ ніжэйшыя, чым там», — кажа Ўладзімер Шанцаў, адзначыўшы, што ў выпадку ўзьвядзеньня пад Магілёвам такога заводу «асуджаным людзям у Беларусі, дзе няма працы, не застаецца ніякага іншага выйсьця, акрамя як за ламаны шэлег рызыкаваць сваім жыцьцём».

Паводле Шанцава, збор подпісаў працягнецца.