У цэнтры Кіева разбураныя некалькі мэмарыяльных пліт у гонар герояў Нябеснай сотні — людзей, якія загінулі ад куль снайпэраў падчас падзей на Майдане ў 2014 годзе.
Дарадца кіраўніка МУС Украіны Зоран Шкірак напісаў у сябе ў Фэйсбуку, што зламысьнік ужо затрыманы паліцыяй. Паводле яго, гэта 43-гадовы жыхар Севастопалю. Пра матывы яго дзеяньняў не паведамляецца.
18-22 лютага 2014 году ў цэнтры Кіева ад куль міліцэйскага спэцназу загінулі больш за сто чалавек, адзін зь іх — беларус Міхаіл Жызьнеўскі. Яны прымалі ўдзел у масавых антыўрадавых выступах у Кіеве (Майдане), якія завяршыліся ўцёкамі з краіны прэзыдэнта Віктара Януковіча і зьменай улады.
Акцыі ў памяць аб загінулых праходзяць ва Ўкраіне кожны год. Мэмарыяльныя пліты ў іх гонар паўсталі на Інстытуцкай вуліцы недалёка ад Майдану.