Гарадзенскія чыноўнікі не тлумачаць, чаму 94-гадовую жанчыну прымусова зьмясьцілі ў вар’ятню

Ніна Сямёнава

94-гадовую самотную жыхарку Горадні Ніну Сямёнаву прымусова на 10 дзён даставілі ў псыхіятрычны шпіталь. Пазьней яна атрымала ліст з гарвыканкаму пра тое, што яе прыватны дом з надзелам у цэнтральнай частцы Горадні ідзе пад знос.

94-гадовую самотную жыхарку Горадні Ніну Сямёнаву прымусова на 10 дзён даставілі ў псыхіятрычны шпіталь.

Пазьней яна атрымала ліст з гарвыканкаму пра тое, што яе прыватны дом з надзелам у цэнтральнай частцы Горадні ідзе пад знос, а на яго месцы пабудуюць мэдычна-гатэльны комплекс.

Дом Ніны Сямёнавай на вуліцы Ватуціна

Адміністрацыя Ленінскага раёну Горадні ад камэнтароў адмаўляецца.

Першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёну Горадні Генадзь Яскевіч, які курыруе пытаньні жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, рэалізацыі жыльлёвай праграмы ў раёне, у тым ліку індывідуальнай забудовы, патлумачыць, чаму так абыходзяцца з старой жанчынай, адмовіўся і накіраваў Свабоду да іншага намесьніка старшыні, Аляксандра Каўша, які курыруе сацыяльныя пытаньні.

Аляксандар Коўш таксама ня стаў казаць, на якой падставе чыноўнікі з гарвыканкаму і ЖЭС гвалтоўна ўварваліся ў хату Ніны Сямёнавай і даставілі яе ў псыхіятрычны шпіталь і чаму ўзьнікла тэрміновая неабходнасьць зносіць прыватны сэктар на вуліцы Ватуціна ў Горадні.