Арганізатары: прычына няўдзелу Нікалаева ў Скарынаўскім кангрэсе — фінансавая

Ілюстрацыйнае фота. Аляксандар Суша падчас прэзэнтацыі кніг пра Францішка Скарыну. 29 лістапада 2016 году

14–15 верасьня ў Нацыянальнай бібліятэцы праходзіць міжнародны кангрэс «500 гадоў беларускага кнігадруку». У межах Кангрэсу адбудзецца сьвяткаваньне 95-годзьдзя заснаваньня Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Але праз абмежаванае фінансаваньне на форум ня могуць прыехаць некаторыя вядомыя навукоўцы, дасьледчыкі, у прыватнасьці доктар філялягічных навук, загадчык аддзелу рэдкіх кніг Расейскай Нацыянальнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбурзе Мікола Нікалаеў, які меў выступіць з дакладам «Кніжная справа пасьлядоўнікаў Скарыны».

Арганізатары Кангрэсу — Міністэрства культуры і Нацыянальная бібліятэка. Транспартныя выдаткі, пражываньне, харчаваньне ўдзельнікі аплачваюць самі.

Намесьнік дырэктара ў навуковай працы і выдавецкай дзейнасьці Нацыянальнай бібліятэкі Аляксандар Суша паведаміў Свабодзе, што прычына няўдзелу прафэсара — выключна фінансавая:

Аляксандар Суша

«Мы на Нікалаева вельмі разьлічвалі, спадзяваліся, ягоны выступ стаяў у праграме пленарнага паседжаньня. Ён вельмі часта выступае ў нас на канфэрэнцыях, жаданы госьць. Я сам запрашаў, не адзін раз зьвязваўся з прафэсарам Нікалаевым, мы абмяркоўвалі тэму ягонага выступленьня, рэглямэнт. Літаральна ўчора мы стэлефаноўваліся, ён сказаў пра цяжкую фінансавую сытуацыю. Тэарэтычна ў бібліятэкі былі нейкія абмежаваныя сродкі, і некалькіх іншаземцаў мы запрасілі. Але ў апошні момант, за дзень, у мяне не атрымалася знайсьці дадатковае фінансаваньне, каб прывезьці Нікалаева, — мы ж бюджэтная арганізацыя. Я паведаміў яму, што фінансава падтрымаць ягоны прыезд у нас няма магчымасьці, можа, удасца знайсьці грошы на выправу ад Нацыянальнай бібліятэкі Расеі ці самому асабіста Як дасьледчыка ў любым фармаце мы будзем рады яго бачыць. На што ён адказаў, што гэтым разам не атрымаецца, ён не прыяжджае, маўляў, нічога страшнага. Нам нават давялося перарабляць расклад пленарнага паседжаньня — ужо безь ягонага выступу. Ну што ж, нармальная, жывая сытуацыя.

Яму ніхто не адмаўляў ва ўдзеле ў кангрэсе, наадварот, запрашалі і нават хадайнічалі перад ягоным кіраўніцтвам. Мы заўсёды былі рады яго бачыць, і, спадзяюся, яшчэ ня раз пабачым падчас мерапрыемстваў, якія праводзім».