Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International запатрабавала ад Расеі неадкладна вызваліць незаконна асуджанага намесьніка старшыні Мэджлісу крымскататарскага народу Ахтэма Чыйгоза. Пра гэта паведамілі ў прадстаўніцтве арганізацыі ў Кіеве.
Адзінае «злачынства» — яры супраціў расейскай анэксіі
«Несправядлівы судовы працэс супраць Ахтэма Чыйгоза зьяўляецца кульмінацыяй ў шэрагу сфальшаваных і дэманстратыўна ілжывых крымінальных і адміністрацыйных спраў, ініцыяваных акупацыйнымі расейскімі ўладамі супраць прадстаўнікоў крымскататарской супольнасьці. Гэта увасабленьне бесьперапыннага перасьледу актывістаў, чыё адзінае «злачынства» — яры супраціў расейскай анэксіі Крыму», — заявіла дырэктарка «Amnesty International Украіна» Аксана Пакальчук.
Чыйгоз быў арыштаваны ў студзені 2015 году, ён правёў 15 месяцаў у сьледчым ізалятары. Пасьля гэтага са шматлікімі парушэньнямі адбыўся паказальны судовы працэс. У прыватнасьці, Чыйгоз быў вымушаны ўдзельнічаць у судзе праз відэасувязь і таму ня меў магчымасьці канфідэнцыйна кантактаваць са сваім адвакатам.
11 верасьня 2017 году Чыйгоз быў асуджаны на восем гадоў зьняволеньня.
Яго прызналі вінаватым у арганізацыі «масавых беспарадкаў», зьвязаных са сутыкненьнямі 26 лютага 2014 году паміж праўкраінскімі і прарасейскімі пратэстоўцамі. Падчас гэтых падзей загінулі два чалавекі. Паводле відэазапісаў і сведчаньняў відавочцаў, Чыйгоз спрабаваў супакоіць натоўп, каб папярэдзіць гвалт, падкрэсьліла Пакальчук.
У гэтым працэсе яшчэ два чалавекі прызналі віну ва ўдзеле і атрымалі ўмоўныя тэрміны. Суд над пяцьцю іншымі абвінавачанымі ня скончаны.
Мэджліс крымскататарскага народу ў Расеі прызнаны экстрэмісцкай арганізацыяй і забаронены. Яго старшыню Рэфату Чубараву і былому кіраўніку Мустафу Джэмілеву забаронены ўезд у Расею.