Эндру Файнбэрг пацьвердзіў, што 1 верасьня яго на працягу двух гадзінаў дапытвалі супрацоўнікі ФБР і міністэрства юстыцыі ЗША. Па словах Файнбэрга, пытаньні тычыліся ўнутранай структуры, рэдакцыйнай палітыкі і фінансаваньня агенцтва. Ён заявіў, што перадаў спэцслужбе электронную перапіску супрацоўнікаў Sputnikʼа, якую скапіяваў перад звальненьнем.
У траўні Кангрэс ЗША адмовіў Эндру Файнбэргу ў акрэдытацыі. Чыноўнікі заявілі, што акрэдытацыя не даюцца СМІ, якія падтрымліваюцца якой-небудзь дзяржавай. Пазьней Файнбэрг быў звольнены з агенцтва Sputnik. Паводле яго прычынай звальненьня стала яго адмова задаваць на брыфінгу ў Белым доме пытаньні аб невінаватасьці Башара Асада ва ўжываньні хімічнай зброі ў Сірыі і недатычнасьці расейскіх спэцслужбаў да ўзлому сэрвэраў дэмакратычнай партыі ЗША. У агенцтве заявілі, што не сталі працягваць кантракт з Файнбэргам празь якасьць яго працы.
ФБР і міністэрства юстыцыі ЗША адмовіліся камэнтаваць інфармацыю пра расьсьледаваньне. Кіраўнік рэдакцыі «Sputnik» у ЗША Міндзія Гавашэлі падкрэсьліў, што «ўзначальвае навінавую арганізацыю», а інфармацыя пра магчымае парушэньне закону аб замежных агентах зьвязаў з «гістэрычнай» атмасфэрай у дачыненьні да Расеі.