У Менску абмяркуюць вялікі абмен паміж Украінай і сэпаратыстамі

Кіеў гатовы абмяняць 309 палонных сэпаратыстаў на 87 украінскіх вайскоўцаў. Пра гэта паведаміў дарадца кіраўніка Службы бясьпекі Ўкраіны Юрый Тандзіт.

Плян так званага «вялікага вызваленьня» будзе абмяркоўвацца ў сераду на чарговай сустрэчы трохбаковай кантактнай групы ў Менску. Па словах Тандзіта, гаворка ідзе пра вызваленьне толькі тых людзей, якія не ўчынілі цяжкіх злачынстваў і былі ўзятыя ў палон у ходзе баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны.

Паводле ўкраінскіх уладаў, на тэрыторыях кантраляваных прарасейскімі сэпаратыстамі ўтрымліваюцца 144 грамадзяніна Ўкраіны. Кіеву ўдалося вызначыць месцазнаходжаньне 87 зь іх.