Пазоўнік (дзяржава Азэрбайджан) аспрэчыў словы, якія прагучалі 7 верасьня 2015 года ў папулярнай францускай праграме «Cash Investigation» (якая выходзіць на дзяржаўным тэлеканале France 2). Расьсьледаваньне «Мой прэзыдэнт у дзелавой паездцы» было прысьвечана аповеду пра адносіны францускіх палітыкаў з уладамі некаторых постсавецкіх краінаў. У праграме рэжым Ільхама Аліева быў названы «дыктатурай» на чале з «дэспатам».
Праз чатыры дні стала вядома, што францускі адвакат Аліўе Пардо, які прадстаўляе інтарэсы Азэрбайджана, склаў ад імя «кліента» іскавую заяву. Азэрбайджан запатрабаваў зьняпраўдзіць гэтыя словы і заплаціць сымбалічную кампэнсацыю ў 1 эўра — за маральную шкоду.
Як паведамляе RFI, гэта першы выпадак у гісторыі Францыі, калі замежная дзяржава падала ў суд на францускіх журналістаў.