Суд у Тбілісі прысудзіў да дзевяці гадоў пазбаўленьня волі протаярэя Георгія Мамаладзе паводле абвінавачаньня ў спробе атруціць асабістага сакратара каталікоса-патрыярха Ільлі II (Другога) — Шарэну Тетруашвілі.
Мамаладзе быў затрыманы ў лютым у Тбіліскім міжнародным аэрапорце пры спробе адправіцца ў Бэрлін. У яго багажы была выяўлена моцная атрута — цыяністы калій.
84-гадовы Ільля II узначальвае Грузінскую апостальскую аўтакефальную праваслаўную царкву ад 1977 году. Больш за 80% грамадзян краіны лічаць сябе праваслаўнымі.