Дзень «іншага гораду». Як пашырыць грамадзкія прасторы звыклага месца

"Мой горад старажытны, малады", аўтар Май Данцыг

Пэрформанс зь нечаканымі прапановамі да насельнікаў Кастрычніцкай вуліцы Менску, дыскусія пра разнастайнасьць памяці ў далейшым лёсе Курапатаў, ператварэньне закінутай гарадзенскай пусткі ў інклюзіўную прастору.

Па-новаму зірнуць на горад і яго навакольле, разам падумаць пра тое, наколькі іншымі яны могуць быць, запрашае 9 верасьня школа «Гарадзкія грамадзкія прасторы: устойлівае разьвіцьцё».

Адукацыйная праграма арганізаваная «Лятучым Унівэрсытэтам» у партнэрстве з таварыствам «Зялёная сетка», альманахам «Гарадзкія тактыкі», «Архітэктурным бюро 35» і беларускай партыяй «Зялёныя». Школа ладзіць другі выпуск. Сёлета асноўным зьместам праграмы стала канцэпцыя «Зялёны горад».

Выпускнікі школы — маладыя архітэктары, урбаністы, грамадзкія актывісты — прэзэнтуюць вынікі групавой дасьледніцкай практыкі і ўласныя праекты разьвіцьця грамадзкіх прастораў.

Прэзэнтацыя прадугледжвае актыўную дыскусію і будзе праходзіць у прасторы «ЦЭХ» на вуліцы Кастрычніцкай, 16.