Standard & Poor ’s папярэдзіла ЗША аб магчымым дэфолце

Загароджа на мяжы Мэксыкі і ЗША. Архіўнае фота.

Рэйтынгавае агенцтва Standard & Poor ’s (S & P) папярэдзіла аб сур’ёзных наступствах для эканомікі ЗША, калі Кангрэс не павысіць мяжу дзяржаўнага доўгу да канца верасьня.

Паводле словаў галоўнага эканаміста S & P Бэт Эн Бавіна, калі ліміт ня будзе падвышаны, то наступствы для эканомікі могуць быць больш сур’ёзнымі, чым крах Lehman Brothers у 2008 годзе. Бавіна адзначае, што ЗША можа сутыкнуцца з дэфолтам, закрыцьцём дзяржаўных кампаній і вярнуцца да рэцэсіі.

Агенцтва Reuters адзначае, што пагроза дэфолту ў ЗША паўстала з прычыны канфлікту прэзыдэнта Дональда Трампа і Кангрэсу з нагоды будаўніцтва сьцяны на мяжы з Мэксыкай. Трамп прыгразіў, што можа дапусьціць закрыцьцё дзяржаўных устаноў, калі Кангрэс не забясьпечыць выдзяленьне неабходных сродкаў для пабудовы сьцяны.

Будаўніцтва сьцяны на мяжы з Мэксыкай для барацьбы са злачыннасьцю было адным з галоўных перадвыбарных абяцаньняў Трампа. Ён падпісаў указ аб ўзьвядзеньні сьцяны на мяжы ЗША і Мэксыкі ў канцы студзеня. На думку прэзыдэнта, яна дапаможа ў барацьбе з незаконнай міграцыяй і кантрабандай наркотыкаў.

У пачатку году Міністэрства ўнутранай бясьпекі ЗША ацаніла выдаткі на сьцяну ў больш чым 20 мільярдаў даляраў. Паводле словаў Трампа, будаўніцтва павінен быў часткова аплаціць мэксыканскі ўрад. Тым часам Мэксыка плаціць за памежны бар’ер адмовілася.