У Беларусі на сталай аснове працуе група ФСБ Расеі — былы намесьнік старшыні СБУ

Намесьнік старшыні Службы бясьпекі Ўкраіны (сакавік 2014 — чэрвень 2015) Віктар Ягун заяўляе, што ў Беларусі на сталай аснове працуе група Фэдэральнай службы бясьпекі РФ, якая можа мець дачыненьне да выкраданьня замежных грамадзян.

«У нас ёсьць інфармацыя пра тое, што ў Беларусі ёсьць група ФСБ у складзе ад 30 да 40 чалавек, якія на сталай аснове працуюць у Менску, у тым ліку там ёсьць і сілавая група. Калі трэба праводзіць затрыманьне, яны, як правіла, ня ставяць да ведама беларускіх калег і праводзяць гэтыя мерапрыемствы самі», — паведаміў Свабодзе Віктар Ягун.

Генэрал-маёр запасу СБУ дадаў, што Беларусь ды Расея аб’ядналі кампутарную базу дадзеных пра перасячэньне зьнешніх межаў Саюзнай дзяржавы.

«Калі я езьдзіў на перамовы ў Менск, неаднаразова назіраў за кампутарамі, на якіх працуюць службоўцы памежных войскаў Беларусі і бачыў там адпаведныя налепкі, што сьведчылі пра тое, што яны належаць да адзінай сыстэмы. То бок, калі нехта з украінскіх грамадзян знаходзіцца ў полі зору расейскіх спэцслужбаў і мае намер ехаць, напрыклад, у Прыбалтыку, абіраючы найкарацейшы шлях праз Беларусь, перасякае мяжу у той жа Чарнігаўскай вобласьці, едзе па тэрыторыі Беларусі, а ў гэты момант ужо фіксуецца інфармацыя пра тое, што асоба, якая іх цікавіць перасякла мяжу і даяжджае да мяжы з Прыбалтыкаю. Такога чалавека могуць недзе на дарозе перахапіць, а паколькі мяжы між Беларусьсю і Расеяй не існуе, такім чынам чалавек можа трапіць у рукі расейскіх спэцслужбаў», — патлумачыў былы намесьнік старшыні СБУ.

28 жніўня ўкраінскі афіцэр запасу Ігар Грыб заявіў пра выкраданьне спэцслужбамі Расеі яго сына ў Беларусі. 24 жніўня Павал Грыб нібыта выехаў у Беларусь на сустрэчу зь дзяўчынай, зь якой да гэтага меў зносіны толькі праз сацсеткі, пасьля чаго зьнік.

Памежная служба Ўкраіны афіцыйна пацьвердзіла факт перасячэньня Паўлам Грыбам мяжы зь Беларусьсю.