Пошук шахтароў на рудніку ў Якуціі спынены, пад зямлёй засталіся восем чалавек

Дзяржаўны сход Рэспублікі Саха (Якуція) выказаў глыбокае спачуваньне родным, блізкім і калегам шахтароў, якія загінулі на алмазным рудніку «Мір».

Пошукі гарнякоў працягваліся тры тыдні, а напярэдадні прэзыдэнт здабыўной кампаніі «АЛРОСА» Сяргей Іваноў заявіў пры спыненьне пошукава-ратавальнай апэрацыі.

«Зь цяжкім сэрцам вымушаны паведаміць: надзеі на тое, што рабочых, якія засталіся ў рудніку, удасца падняць на паверхню жывымі, не засталося, — канстатаваў у сваім звароце Сяргей Іваноў. — Мы глыбока засмучаныя тым, што адбылося, гэта трагедыя для ўсёй кампаніі. Усьведамленьне таго, што мы зрабілі ўсё магчымае для выратаваньня людзей, на жаль, ня можа служыць суцяшэньнем для іх родных і блізкіх. Я гарантую, што сем’ям шахтароў будзе аказана неабходная падтрымка і матэрыяльная дапамога — своечасова і ў поўным аб’ёме».

Паводле разьлікаў геатэхнікаў, у салявых пародах шахты ўтварыліся прамыіны ў аб’ёме больш за 100 тысяч кубамэтраў. Адпаведна, існуе рызыка абрушэньня ніжняга ярусу кар’ера і разбурэньня горных выпрацовак, што робіць немагчымай далейшую працу ратавальнікаў.

Пад зямлёй засталіся восем чалавек, бальшыня працавала па кантракце зь белгародзкім ТАА «Белспецмонтаж». Аналягічнае прадпрыемства існуе і ў Беларусі, аднак да распрацовак каштоўных выкапняў у Якуціі яно дачыненьня ня мае.

Сваякам кожнага з шахтароў выплацяць кампэнсацыю ў памеры 2 мільёны расейскіх рублёў са сродкаў «АЛРОСА» і падраднай кампаніі «Белспецмонтаж». Акрамя таго, сем’і рабочых зь Белгародзкай вобласьці атрымаюць таксама выплаты ад мясцовай адміністрацыі, а сем’і шахтароў зь Мірнага — з муніцыпальнага бюджэту.

Сваякі загінулых перакананыя, што прычынай трагедыі сталі шматлікія парушэньні тэхнікі бясьпекі, на якія дзеля атрыманьня максымальнага прыбытку закрывала вочы кіраўніцтва рудніка «Мір».