Амбасадар Расеі ў ААН Васіль Нябензя 23 жніўня раскрытыкаваў прапанову ўраду Малдовы абмеркаваць на сэсіі Генэральнай асамблеі ААН у верасьні вывядзеньне расейскіх войскаў з Прыднястроўя.
Нябензя заявіў, што такі «нечаканы крок» быў «ня вельмі сяброўскім». «Мы ніколі не абмяркоўвалі гэтага пытаньня, і нас не папярэдзілі загадзя», — сказаў расейскі амбасадар інфармагенцтву ТАСС у штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку.
Сьпікер парлямэнту Малдовы Андрыян Канду раней 23 жніўня пацьвердзіў, што ліст з просьбай быў перададзены ў ААН пастаянным прадстаўніком Малдовы Віктарам Марару. «На працягу 25 гадоў пад прыкрыцьцём міратворчай місіі Расейская Фэдэрацыя запалохвала нас шляхам разгортваньня войскаў, боепрыпасаў і ўзбраеньняў на тэрыторыі нашай краіны», — напісаў Канду ў Facebook.