Амбасадар Расеі ў Судане знойдзены мёртвым

Ілюстрацыйнае фота. Постэр з выявай прэзыдэнта Судану Амара аль-Башыра (справа) і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна падчас цырымоніі сустрэчы міністра замежных спраў Расеі ў Хартуме, 2014 год

Пра прычыны сьмерці дыплямата пакуль не паведамляецца.

Амбасадар Расейскай Фэдэрацыі ў Судане Міргаяс Шырынскі быў у сераду знойдзены мёртвым у сваёй рэзыдэнцыі, паведамілі ў паліцыі сталіцы краіны Хартума.

Міргаяс Шырынскі, архіўнае фота

У МЗС Расеі ўжо пацьвердзілі гэтую інфармацыю, заявіўшы, што гатовыя распавесьці пра прычыны сьмерці дыплямата, як толькі атрымаюць дадатковыя зьвесткі ад супрацоўнікаў амбасады.

«Адразу ж пасьля атрыманьня дэталёвай інфармацыі ад супрацоўнікаў расейскай амбасады ў Хартуме праінфармуем пра абставіны сьмерці нашага калегі», — растлумачылі ў МЗС Расеі.

Прэс-сакратар паліцыі Судану паведаміў Reuters, што 63-гадовы дыплямат пакутаваў ад павышанага крывянога ціску.

МЗС Судану ўжо выказала свае спачуваньні, адзначыўшы «сяброўскія і шчырыя намаганьні» Шырынскага, накіраваныя на ўмацаваньне адносінаў паміж Хартумам і Масквой.