Адпаведны ліст сталага прадстаўніка Малдовы пры ААН Віктара Марару быў пададзены да ведама 22 жніўня.
У лісьце адзначаецца, што прысутнасьць расейских вайскоўцаў «уяўляе сабою пагрозу для падтрыманьня міжнароднага міру і бясьпекі». Марару папрасіў ААН падтрымаць намаганьні Малдовы, накіраваныя на завяршэньне працэсу «безумоўнага, упарадкаванага і поўнага вываду замежных узброеных сіл зь яе нацыянальнай тэрыторыі».
Сёлета мінула 25 гадоў ад часу, калі дысьлякаваную ў Прыднястроўі 14-тую армію колішняга СССР замяніў расейскі кантынгент, асноўныя мэты якога былі акрэсьленыя як ахова складоў з рэшткамі боепрыпасаў былой 14-й арміі і міратворчая місія. Расейскі вайсковы кантынгент у Прыднястроўі налічвае каля 2 тысяч чалавек.
У 2008 годзе Парлямэнцкая асамблея НАТО прыняла рэзалюцыю, якая заклікала Расею закончыць «сваю незаконную вайсковую прысутнасьць у прыднястроўскім рэгіёне Малдовы ў найбліжэйшай будучыні». Крэмль тады ніяк не адрэагаваў, але летась Расія абвясьціла аб сваім намеры вывесьці свой кантынгент, калі будуць ліквідаваныя склады зброі 14-й арміі.