Баевікі ў Малі двойчы за дзень атакавалі міратворцаў ААН, 9 загінулі

Ілюстрацыйнае фота. Браніраваны аўтамабіль ААН на вуліцах Бамако, Малі, 2015 год

Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў заявіла, што 14 жніўня невядомыя баевікі атакавалі міратворчую базу ААН у Цімбукту, што на поўначы Малі, у выніку чаго загінулі сем чалавек.

Паводле ААН, ахвярамі нападу сталі пяць малійскіх ахоўнікаў, жандар і мясцовы рабочы, якія працуюць у місіі ААН. Шэсьць нападнікаў былі забітыя міратворцамі ААН.

Гэта ўжо другая атака, што адбылася за адзін дзень у Малі. Падчас першага нападу ўзброеныя людзі адкрылі агонь па міратворцах ААН і малійскіх вайскоўцах у Дуэнца, што ў цэнтры Малі. У гэтым нападзе загінулі адзін міратворац і адзін малайскі салдат.

Пакуль ніхто ня ўзяў на сябе адказнасьць за напады. Звычайна на міратворчыя місіі ААН у Малі нападаюць ісламісты. Летась у краіне было забіта больш за 100 міратворцаў, што робіць міратворчую апэрацыю ў Малі самой сьмяротнай з 16 апэрацыяў ААН у сьвеце.

Міратворцы ААН разам з францускімі сіламі знаходзяцца ў Малі, каб дапамагчы краіне справіцца з рэшткамі ісламскага бунту на поўначы. Баевікі, зьвязаныя з тэрарыстычнай групоўкай «Аль-Каіда», ненадоўга захапілі поўнач краіны ў 2012 годзе пасьля няўдалага перавароту ў Бамако, сталіцы краіны. Баевікі таксама распаўсюдзілі свой уплыў на паўднёвы Малі, уздоўж мяжы з Буркіна-Фаса.