Як адзначаецца на сайце Сьледчага камітэту, гэта першы выпадак у Беларусі, калі падрабляюць новыя грашовыя купюры.
Сьледзтва выявіла, што 28-гадовы мужчына друкаваў банкноты на струменным прынтары. Далей ён перадаваў іх свайму 26-гадоваму знаёмаму. Той ужо набываў розныя дробныя тавары: жуйкі, талёны для праезду ў грамадзкім транспарце, аплачваў праезд у маршрутных таксі. Рэшту, якую давалі сапраўднымі грашыма, абодва дзялілі паміж сабой.
Падчас ператрусу канфіскавалі кампутарную тэхніку, падробленыя банкноты наміналам 20 беларускіх рублёў, прынтар, нарыхтоўкі для пячатак з адбіткамі штампаў розных арганізацый, блянкі даведак аб даходах фізычнай асобы і іншыя прадметы.
Сьледчыя таксама выявілі факт вырабу падробленага афіцыйнага дакумэнту для атрыманьня крэдыту — даведкі аб даходах фізычнай асобы.
Справа перададзена пракурору для накіраваньня ў суд.