Судзьдзя Андрэй Бычыла прызнаў актывіста вінаватым у парушэньні закону аб масавых мерапрыемствах.
Падчас паседжаньня Аляксандар Аўсеенка заяўляў адвод судзьдзі на той падставе, што не давярае яму «з прычыны ўдзелу ў ранейшых палітычных працэсах». Аднак судзьдзя хадайніцтва не задаволіў.
Справу Аўсеенкі ў Пінску разглядалі ўжо другі раз пасьля таго, як Берасьцейскі абласны суд адмяніў першапачатковы вырак з прычыны працэсуальных парушэньняў. Першы раз спадару Аўсеенку таксама было прысуджана 460 рублёў штрафу.
Як кажа пінскі праваабаронца Алесь Рамановіч, у судзе Аляксандар Аўсеенка «хадайнічаў, каб выклікалі ў якасьці сьведкі кіраўніка пінскага ГАУС Сарочанку, але судзьдзя адхіліў».
Суд над Аляксандрам Аўсеенкам — апошні за ўдзел у акцыях «недармаедаў», якія адбываліся ў Беларусі гэтай вясной.