Праграміст, які спыніў вірус WannaCry, паўстане перад судом

Брытанскі праграміст Маркус Хатчынс, які спыніў распаўсюд віруса-вымагальніка WannaCry, паўстане перад судом у ЗША 14 жніўня. Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва Associated Press.

У 2014 годзе брытанскі праграміст стварыў праграму Kronos для перахопу інфармацыі аб банкаўскіх апэрацыях. Амэрыканскія ўлады падазраюць Хатчынса ў кампутарным махлярстве і несанкцыянаваным доступе да кампутараў у 2014-2015 гадах у ЗША.

У пачатку жніўня супрацоўнікі ФБР ЗША затрымалі Хатчынса ў аэрапорце Лос-Анжэлеса. Нацыянальнае агенцтва па барацьбе са злачыннасьцю Вялікабрытаніі паведаміла, што затрыманьне брытанца зьяўляецца справай ЗША.

Your browser doesn’t support HTML5

Усё, што трэба ведаць пра вірус WannaCry: як ён працуе і што пасьпеў нарабіць

У траўні 2017 году Хатчынс паведаміў, што яму ўдалося спыніць распаўсюд кампутарнага віруса WannaCry. Раней вірус-вымагальнік «замарозіў» доступ да дадзеных на сотнях тысяч кампутараў у 150 краінах, уключна з ЗША, Расеяй і Кітаем. За разблякіроўку зламысьнікі патрабавалі выкуп у біткоінах. Экспэрты мяркуюць, што ў выніку атакі хакеры маглі зарабіць усяго каля 50 тысяч даляраў.