Гэты законапраект падтрымалі 419 кангрэсмэнаў, супраць былі трое.
Цяпер Сэнат, які раней галасаваў за падобны законапраект, павінен падтрымаць дакумэнт, што паступіць з Палаты прадстаўнікоў. Пасьля ўхваленьня абедзьвюма палатамі законапраект цягам тыдня ляжа на стол прэзыдэнту Дональду Трампу.
У адміністрацыі Трампа заявілі, што прэзыдэнт яшчэ ня вырашыў, ці падпіша дакумэнт. «Хоць прэзыдэнт падтрымлівае жорсткія санкцыі супраць Паўночнай Карэі, Ірану і Расеі, Белы дом вывучае папраўкі і чакае іх паступленьня на прэзыдэнцкі стол», — сказала прэсавая сакратарка Белага дому Сара Сандэрс.
Абедзьве палаты маюць дастаткова галасоў, каб паўторна прагаласаваць за законапраект у выпадку магчымага вэта прэзыдэнта. Законапраект аб увядзеньні новых санкцый ЗША ў дачыненьні да Расеі з-за яе агрэсіі супраць Украіны, сярод іншага, прадугледжвае абмежаваньні на супрацоўніцтва кампаній і асоб з ЗША ня толькі непасрэдна з юрыдычнымі або фізычнымі асобамі, якія знаходзяцца пад санкцыямі, у першую чаргу ў Расеі, але і з кампаніямі або людзьмі з трэціх краін, якія ідуць на такое супрацоўніцтва з падсанкцыйнымі кампаніямі. Такім чынам, у цяперашнім выглядзе з дакумэнта вынікае, што пад санкцыі ЗША могуць патрапіць і тыя кампаніі ў ЭЗ, супрацоўніцтва якіх з Расіяй не парушае эўрапейскіх санкцый, але выходзіць за межы санкцый амэрыканскіх, якія павінен узмацніць новы закон.
У Эўрапейскім зьвязе выказалі занепакоенасьць з-за чаканага адабрэньня ў ЗША гэтага закона.
Законапраект тычыцца таксама Ірану і Паўночнай Карэі.