Эрдаган паведаміў пра набыцьцё ракетных комплексаў C-400 у Расеі

Прэзыдэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган заявіў пра падпісаньне пагадненьня з Расеяй аб пастаўцы зэнітна-ракетных комплексаў С-400. Пра гэта Эрдаган заявіў, выступаючы на пасяджэньні парлямэнцкай фракцыі «Партыі справядлівасьці і разьвіцьця», паведамляе выданьне The Hurriyet.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна Дзьмітрый Пяскоў ня стаў камэнтаваць інфармацыю аб магчымай зьдзелцы, перадае «Інтэрфакс».

Раней міністар абароны ЗША Джэймс Мэтыс выказаў сумнеў у сумяшчальнасьці расейскіх зэнітных ракетных сыстэм з тэхнікай NATO, удзельнікам якога зьяўляецца Турцыя.

Паводле інфармацыі агенцтва Bloomberg, сума зьдзелкі можа скласьці 2,5 мільярда даляраў.

Зэнітна-ракетны комплекс С-400 прызначаны для паразы самалётаў стратэгічнай і тактычнай авіяцыі, балістычных ракет і іншых паветраных сродкаў на далёкасьці да 400 км.