Актывісты «Дзеі» арганізавалі пераклад на беларускую мову Грамадзянскага кодэксу

Удзельнікі першай сустрэчы перакладчыкаў заканадаўства на беларускую мову ў сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. 3 сакавіка 2017 году

Асьветніцкая ініцыятыва «Дзея» завяршыла пераклад на беларускую мову Грамадзянскага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Праект ажыцьцёўлены ў супрацы з Таварыствам беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

«За 4,5 месяца ўдалося сабраць каманду з 70 чалавек і перакласьці 500 старонак складанага, насычанага спэцыяльнай тэрміналёгіяй тэксту, — адзначыла каардынатарка праекту Вераніка Мазуркевіч. — Мы ня проста пераклалі Грамадзянскі кодэкс. Такім чынам узьнятае пытаньне фактычнай адсутнасьці законаў на першай дзяржаўнай мове краіны. Дэпутатка Алена Анісім назвала падтрымку заканадаўства па-беларуску адным з прыярытэтаў сваёй дзейнасьці ў парлямэнце, на Зьезьдзе беларусаў сьвету прынятая дэклярацыя за захаваньне беларускай мовы, дзе асобным пунктам — заклік перакласьці існыя законы і рыхтаваць новыя на дзьвюх мовах».

У камэнтары для Свабоды каардынатарка «Дзеі» Вераніка Мазуркевіч расказала, чаму для перакладу ўзяты найперш Грамадзянскі кодэкс:

«Ідэя нарадзілася яшчэ ў той час, калі я выкладала бізнэс-курс беларускай мовы, які арганізавала Асацыяцыя эўрапейскага бізнэсу. Тады ўзьніклі праблемы з тым, што няма зацьверджанай тэрміналёгіі для працоўных дамоваў, для стасункаў паміж юрыдычнымі асобамі. Не было нават з чым зьверыцца, бо заканадаўства па-беларуску ў гэтай галіне зусім не распрацаванае. Вырашылі пачаць менавіта з Грамадзянскага кодэксу, бо гэта закон, да якога маюць дачыненьне ўсе грамадзяне краіны. Тэкст даволі вялікі, але ўсё атрымалася зрабіць, бо знайшлося шмат неабыякавых людзей, якім было цікава паўдзельнічаць у ініцыятыве».

Архіўнае фота. Удзельнікі першай сустрэчы перакладнікаў заканадаўства на беларускую мову ў сядзібе ТБМ

Пасьля заканчэньня працы Вераніка Мазуркевіч правяла апытаньне, каб даведацца, што насамрэч рухала добраахвотнікамі.

«Большасьць сказала, што гэта ў прынцыпе вельмі важна, бо можа зьмяніць сытуацыю з заканадаўчымі актамі ў іх беларускамоўнай вэрсіі. Але некаторыя сярод іншага называлі, прыкладам, жаданьне навучыцца карыстацца перакладніцкай плятформай. Або нарэшце ўдумліва пачытаць тэкст, да якога пры іншых абставінах не дайшлі б рукі. Або нават магчымасьць падцягнуць беларускую мову».

Каманда перакладнікаў зьбіраецца працягваць працу: перакласьці новую рэдакцыю закону аб нарматыўна-праўных актах. Дэпутат Алена Анісім увосень зьбіраецца ўнесьці яго ў Палату прадстаўнікоў на зацьвярджэньне адразу ў дзьвюх вэрсіях — беларускай і расейскай.

Пяцёрка лідэраў у валянтэрскай дапамозе перакладу Грамадзянскага кодэксу, паводле Веранікі Мазуркевіч, выглядае наступным чынам:

  • Васіль Шэлехаў — 16,5 тысяч словаў.
  • Юстына Саўка — 14 тысяч словаў.
  • Юры Яцыновіч — 12 тысяч словаў.
  • Ангеліна Паўлоўская — 8 тысяч словаў.
  • Іван Захарчэня — 7 тысяч словаў.

Цяпер «Дзея» шукае сродкі на прафэсійную рэдактуру выніковага тэксту беларускамоўнай вэрсіі Грамадзянскага кодэксу. Дзеля гэтага стартавала кампанія на «Талацэ».