Малдова ўхваліла зьмяшаную выбарчую сыстэму

Пратэст супраць зьмяшанай выбарчай сыстэмы перад малдаўскім парлямэнтам

Законапраект аб увядзеньні зьмяшанай выбарчай сыстэмы быў падтрыманы 74 дэпутатамі 101-мандатнага парлямэнту Рэспублікі Малдова.

Згодна з новаўвядзеньнем, 50 дэпутатаў будуць абраныя па партыйных сьпісах, а 51 — па асобных выбарчых акругах, уключаючы Прыднястроўе і тыя краіны, дзе пражываюць малдаўскія грамадзяне (ацэньваецца, што за мяжой пражываюць каля 45% малдаванаў, у большасьці — нелегальных работнікаў).

Каля сьценаў малдаўскага заканадаўчага органу сёньня прайшлі як мітынг у падтрымку зьмены выбарчай сыстэмы, так і пратэст супраць зьмяшанай сыстэмы.

За аснову дакумэнту быў узяты праект Партыі сацыялістаў аб пераходзе да зьмешанай выбарчай сыстэмы, паведамляе онлайн-выданьне «Аргументы и факты в Молдове». У ім таксама былі ўлічаны чатыры прынцыповыя ўмовы, якія раней называў прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон. У прыватнасьці, выбарчы парог застаўся на ўзроўні 6%, галасаваньне будзе праходзіць толькі ў адзін тур, будуць выдзелены дэпутацкія месцы для прадстаўнікоў Прыднястроўя, а таксама для прадстаўнікоў дыяспары.

Раней парлямэнцкія выбары ў Малдове праходзілі ў асноўным па партыйных сьпісах (выбарчы парог для партыі — 6%), хоць незалежныя кандыдаты таксама мелі права балятавацца на выбарах (выбарчы парог для іх — 2%). Апытаньні паказвалі, што грамадзяне Малдовы выступаюць за зьмену выбарчай сыстэмы, а большасьць зь іх падтрымліваюць варыянт прэзыдэнта і сацыялістаў аб зьмяшанай сыстэме.