Францыя плянуе істотнае скарачэньне абароннага бюджэту

Начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Францыі генэрал П’ер дэ Вілье падаў у адстаўку з прычыны рознагалосьсяў з прэзыдэнтам краіны Эманюэлем Макронам у сувязі з плянамі ўраду скараціць абаронны бюджэт.

У заяве генэрал напісаў, што больш ня можа «гарантаваць жыцьцяздольнасьць той мадэлі арміі», якая павінна гарантаваць бясьпеку ў краіне. Прэзыдэнт ужо прыняў адстаўку дэ Вілье.

На мінулым тыдні кіраўнік генштабу Францыі надзвычай рэзка выказаўся пра пляны скарачэньня вайсковых выдаткаў у бягучым годзе на 850 мільёнаў эўра. Пасьля чаго Макрон, выступаючы перад францускімі вайскоўцамі з нагоды нацыянальнага сьвята — Дня ўзяцьця Бастыліі, публічна заклікаў генэрала да субардынацыі. Прэзыдэнт нагадаў, што зьяўляецца галоўнакамандуючым, і заявіў, што ў выпадку нязгоды зь ім начальнік Генштабу мусіць сысьці.

Генэрал дэ Вілье ўзначальваў Генэральны штаб Узброеных сілаў Францыі зь лютага 2014 году. Яго паўнамоцтвы меліся скончыцца праз год.