Малодшы брат прэзыдэнта Ірану Хасана Рухані, палітык і дыплямат Хусэйн Фэрэйдун арыштаваны ў Іране па падазрэньні ў фінансавых злачынствах, перадае AFP.
Cудовыя органы Ірану паведамілі 16 ліпеня, што Фэрэйдун «ня выканаў умоваў вызваленьня пад заклад і быў зьмешчаны пад варту». Расьсьледаваньне ў дачыненьні да Фэрэйдуна і яшчэ некалькіх чалавек вялося даўно. Мяркуецца, гаворка ідзе пра махінацыі з заробкам у дзяржаўнай страхавой кампаніі Ірану. Сам Фэрэйдун адмаўляў, што ўчыніў злачынства.
Хусейн Фэрэйдун — адзіны брат цяперашняга прэзыдэнта Ірану, у іх таксама ёсьць тры сястры. Фэрэйдун раней займаў пасаду намесьніка міністра выведкі.
У траўні 2017 году Рухані другі раз перамог на прэзыдэнцкіх выбарах у Іране. Ён ужо ў першым туры атрымаў больш за палову галасоў. Рухані лічыўся ў Іране прадстаўніком больш прагрэсіўных сілаў, якія выступалі за супрацоўніцтва з Захадам, тым часам як яго галоўны супернік лічыўся зьвязаным са спэцслужбамі.
Прэзыдэнт Ірану зьяўляецца кіраўніком выканаўчай улады і другой асобай у краіне пасьля «найвышэйшага кіраўніка», якім ад 1989 году ёсьць Алі Хусэйні Хамэнэі (ён жа быў прэзыдэнтам Ірану ў 1981–1989 гадах, пасьля пад яго была створаная «надпрэзыдэнцкая» пасада).