13 ліпеня адкрываецца «Славянскі базар». А Віцебск гуляе ўжо тры дні

Афіцыйнае адкрыцьцё фэстывалю адбудзецца толькі сёньня ўвечары, але першыя канцэрты ў летнім амфітэатры ўжо адбыліся. І ўвогуле ўвесь горад выглядае, як суцэльная гандлёва-забаўляльная пляцоўка.

На «Славянскім базары» набыць можна ўсё

З 11-га ліпеня ўздоўж вуліц Леніна і Замкавай пачалі працаваць вулічныя крамкі і шапікі з таварамі беларускіх вытворцаў, на плошчы Перамогі разьмясьціліся прадстаўнікі Расеі — тут можна набыць адзеньне, сувэніры і пачастункі.

«Аснова нацыянальнай бясьпекі Русі»

Вышыванкі і сувэніры з Украіны можна набыць каля ратушы і ў сквэры на вуліцы Кірава. Непадалёк, уздоўж вуліцы Ільлінскага, традыцыйна месьціцца кірмаш рамесьніцкіх і сувэнірных вырабаў, мастакі і майстры выставілі свае творы ўздоўж вуліц Суворава і Крылова. Тут жа малююць шаржы, фатаграфуюцца са зьмяёй, сьпяваюць прыпеўкі і прапануюць «натуральнае марозіва без малака»...

Вэрнісаж на вуліцы Суворава

Увесь гэты рознакаляровы гармідар сьведчыць, што ў горадзе нешта адбываецца. Але цяжка здагадацца, што гэтая падзея перадусім музычная. Прынамсі, ад пачатку меркавалася, што яна будзе менавіта такой. Аднак у апошнія гады «Славянскі базар» займеў выразныя палітычныя рысы.

Лукашэнка прыедзе не адзін

Стала традыцыяй, што на адкрыцьцё фэстывалю прыяжджае Аляксандар Лукашэнка. І віцябляне штогод сутыкаюцца з усімі выдаткамі захадаў бясьпекі і памкненьняў пусьціць пыл у вочы: цэнтральныя вуліцы сьпешна прыбіраюць да бляску, а ў дварох па маршруце праходжаньня картэжу зьяўляюцца «партызаны» — людзі ў цывільным, але з рацыямі ці «навушнікамі».

Неад’емная рыса фэстывалю — ліквідацыя недаробак у апошні момант

13-га ліпеня Аляксандар Лукашэнка прыедзе ў Віцебск не адзін: тут маюць адбыцца перамовы з прэзыдэнтам Малдовы Ігарам Дадонам, які наведаў Беларусь з рабочым візытам. Потым абодва возьмуць удзел у цырымоніі ўрачыстага адкрыцьця фэстывалю, яно заплянаванае на 20.30.

Квіткі дарагія, праграма аднастайная, гатэлі занятыя, гарэлка паўсюль

Квіткі на гэтую фэстывальную імпрэзу традыцыйна самыя дарагія: ад 80 да 195 рублёў. Праўда, іх мала хто купляе. Месцы загадзя разьмеркаваныя, і ў глядацкіх шэрагах пераважна «правераная» публіка: чыноўнікі выканкамаў, кіраўнікі прадпрыемстваў.

Папулярная забава ў шараговых гледачоў — наведаць кірмаш сувэніраў

Шараговыя гледачы выбіраюць іншыя канцэрты, пераважна прыходзячы паслухаць «зорак» расейскай эстрады. Сёлета ўжо адбыўся выступ Грыгорыя Лепса, наперадзе канцэрты Стаса Міхайлава і Валерыя Меладзэ. Цікава, што на канцэрты сваіх жа артыстаў ахвотна прыяжджаюць расейцы, жыхары памежных рэгіёнаў. Яны кажуць, што ў Расеі квіткі на выступы гэтых артыстаў каштуюць даражэй, чым на «Славянскім базары ў Віцебску», нават з улікам выдаткаў на дарогу і пражываньне. Што да апошняга, то знайсьці ў Віцебску жытло на час фэстывалю стала вялікай праблемай. Для расьсяленьня 5 тысяч артыстаў з 37 краінаў занятыя ўсе гатэлі, інтэрнаты, а таксама бліжэйшыя санаторыі і турбазы. Прычым ня толькі ў Віцебску, але і ў Воршы і Полацку таксама.

Кошты за арэнду кватэр «на суткі» падвысіліся ў разы: аднапакаёўка абыдзецца прыблізна ў 70 даляраў, а трохпакаёўка — да 200 за адны суткі. І тое, калі пашчасьціць знайсьці вольную, бо кватэры на «Славянскі базар» замаўляюць загадзя.

Манэтка на памяць. Для тых, хто не набыў летась ці пазалетась

Хоць гледачам і прапанавана 20 канцэртаў, асаблівай разнастайнасьці ў праграме няма: знаёмыя па ранейшых фэстывалях беларускія і расейскія артысты, канцэрт шансону, а зоркі ўзроўню Алы Пугачовай або Філіпа Кіркорава сёлета ў Віцебск не прыедуць.

Што да імпрэзаў, на якія можна трапіць бясплатна, то і яны ўжо традыцыйная: «Горад майстроў», вэрнісаж, фэст вулічнага мастацтва «На сямі вятрах», падчас якога на адкрытых пляцоўках будуць выступаць самадзейныя артысты.

Адзіная навацыя — АМАП у блакітных камізэльках

​Адзінай навацыяй сёлетняга «Славянскага базару» будзе хіба толькі выгляд супрацоўнікаў віцебскага АМАПу, якія будуць працаваць на кантрольна-прапускных пунктах. Такіх КПП, абсталяваных мэталяшукальнікамі, будзе каля 20, палова зь іх — у раёне Летняга амфітэатру, галоўнай канцэртнай пляцоўкі фэстывалю.

Міліцэйскае кіраўніцтва сёлета вырашыла, што асабісты агляд грамадзянаў будуць праводзіць супрацоўнікі ў цывільным, але ў апранутых зьверху адмысловых блакітных камізэльках з надпісам «Бясьпека. Security». Паводле начальніка віцебскай міліцыі Івана Кубракова, гэта «псыхалягічны крок» — маўляў, каб наведнікі фэсту пачуваліся больш камфортна.

Шпацыры па горадзе або бяседы ў кавярнях — асноўны від адпачынку на «Славянскім базары»

Усяго падчас «Славянскага базару» ў Віцебску будуць працаваць некалькі тысяч міліцыянтаў — ня толькі мясцовых ды з суседніх рэгіёнаў, але й зь Менску, Горадні і Берасьця. Сачыць за парадкам у фэстывальныя дні і сапраўды нялёгка — з улікам таго, што адменена практыка «500-мэтровай зоны», калі ў цэнтры гораду існавала забарона на продаж алькаголю.

500-мэтровую зону адмянілі

«Падворкі» страцілі мясцовы калярыт і ператварыліся ў месцы для выпіўкі

Цяпер дазволена ўсё. І нават так званыя раённыя «падворкі», якія раней мусілі ўвасабляць мясцовы калярыт таго ці іншага рэгіёну, ператварыліся ў звычайныя харчовыя пункты. 20 «падворкаў» — 3 тысячы пасадачных месцаў, ня лічачы іншых вулічных кавярняў і рэстаранаў. І менавіта яны ці ня самыя папулярныя мясьціны адпачынку ў аматараў «Славянскага базару», калі няма грошай на канцэртны квіток, ня вабяць бясплатныя самадзейныя выступы і шкада траціцца на сувэніры.

Да прыёму гасьцей фэстывалю гатовыя

Праўда, за 26 мінулых гадоў значная частка аматараў фэстывалю і ўвогуле перайшла на бок апанэнтаў — прыхільнікаў думкі, што «Славянскі базар» зжыў сябе і яго варта ці пераводзіць у іншы фармат ці адмяняць увогуле.