Польская нацыяналістычная моладзевая арганізацыя «Młodzież Wszechpolska» апублікавала «палітычныя пасьведчаньні аб сьмерці» мэра Ўроцлава Рафала Дуткевіча і яшчэ 10 іншых мэраў польскіх гарадоў, якія падпісалі дэклярацыю аб гатоўнасьці прыняць бежанцаў з краін Блізкага Ўсходу і Паўночнай Афрыкі.
Сайт арганізацыі быў заблякаваны, паступіла апавяшчэньне ў пракуратуру. Сьледчыя правяраюць, ці быў парушаны закон у выпадку публікацыі «пасьведчаньняў пра сьмерць», якія выглядаюць вельмі праўдападобна, паведамляе Польскае радыё.
У якасьці прычын сьмерці ў падробных дакумэнтах пазначаны «лібэралізм», «мультыкультуралізм» або «глупства».
Супраць дэклярацыі мэра Ўроцлава Рафала Дуткевіча пра гатоўнасьць прыняць бежанцаў выказваюцца палітыкі кіроўнай партыі «Права і справядлівасьць». Яны патрабуюць, каб кіраўнік горада правёў рэфэрэндум па гэтым пытаньні.