Па выніках саміту «вялікай дваццаткі» Эманюэль Макрон анансаваў правядзеньне ў Францыі 12 сьнежня міжнароднага кліматычнага саміту, на якім у прыватнасьці, будзе абмяркоўвацца фінансаваньне барацьбы з глябальным пацяпленьнем — роўна праз два гады пасьля падпісаньня Парыскага пагадненьня.
Прэзыдэнт Францыі таксама адзначыў, што «не губляе надзеі пераканаць» свайго амэрыканскага калегу Дональда Трампа зьмяніць сваё рашэньне аб выхадзе з Парыскага пагадненьня.
На запрашэньне францускага лідэра Дональд Трамп прыедзе ў Парыж у Дзень узяцьця Бастыліі.
Пра выхад з Парыскага пагадненьня па клімаце кіраўнік Белага дома абвясьціў у пачатку чэрвеня. Яно было прынятае 12 сьнежня 2015 года. Краіны, якія ратыфікавалі пагадненьне, узялі на сябе абавязацельствы па зьніжэньні шкодных выкідаў у атмасфэру.